Арганізацыі Грамадзянскай Адукацыі

Падпісацца на рассылку

Мэты розныя — цікавасць адна

Трэнінг, які прайшоу у Гомелі у рамках Рэсурснай Праграмы падтрымкі вучэбных гурткоў, сабраў удзельнікаў з самых розных сфераў дзейнасці. Гэта і сацыяльныя супрацоўнікі, і педагогі, і грамадскія дзеячы. Дзеля развіцця сваіх ініцыятыў яны знайшлі шляхі да ўдзелу у трэнінгу. Пра гэта слухачы праграмы навучальных гурткоў распавядаюць самі.

Дацэнт Беларускага універсітэта спажывецкай кааперацыі Ірына Ўладзіміраўна Трусевіч патрапіла на трэнінг, дзякуючы кіраўніку “Сацыяльных праектаў” Ніне Кекух:

— Калі я даведалася аб гэтай сустрэчы, вельмі ўзрадвалася. Я кірую Цэнтрам бізнес-адукацыі, таму мне гэты трэнінг вельмі патрэбны. З яго дапамогай, у першую чаргу, хачу сістэматызаваць свае веды па арганізацыі такога кшталту дзейнасці. Адразу ж пасля сустрэчы сяду за напісанне некалькіх праектаў па фармаванні эканамічнай культуры насельніцтва. У прыватнасці, па бізнэс-адукацыі вайскоўцаў, эканоміцы ў дзіцячым доме, барацьбе з гандлем людзьмі.

Ірына Аляксандраўна Дзятлоўская прыехала на трэнінг па запрашэнні “Сацыяльных праектаў” з Мазыра:

— Я уваходжу ў ініцыятыўную групу, якую складаюць інваліды. У праграме навучальных гурткоў мяне, у асноўным зацікавіла іх форма — дэмакратычнасць. Таксама спадабалася, што даецца магчамасць вучыцца. З дапамогай атрыманых ведаў паспрабую лепш дасягаць нашых мэтаў: сацыялізацыі інвалідаў, прыцягнення іх да актыўнай дзейнасці. Яшчэ маю на мэце стварэнне тэатральнага гуртка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Наталля Рыгораўна Семяняка таксама працуе з інвалідамі. Яна кіруе аддзяленнем дзённага і кругласутачнага прыбывання дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў “Майская кветка” у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля. Дарэчы, такое аддзяленне пакуль адзінае ў Беларусі. Пад апекай калектыва Наталлі Рыгораўны зараз знаходзіцца ажно 134 сям’і. Адна з галоўных задач аддзялення — даць сваякам дзяцей і маладзёнаў з абмежаванымі магчымасцямі адпачынак і, безумоўна, працаваць у развіваючым накірунку з самімі інвалідамі.

— Упэўненая, што з дапамогай праграмы гурткоў мы зможам ахапіць усе накірункі нашай дзейнасці, — гаворыць суразмоўніца. — Спадзяюся, атрымаецца стварыць группы і для інвалідаў, і для іх бацькоў, і для нашых супрацоўнікаў. У адукацыі і зносінах усе яны маюць патрэбу.

Ларыса Пятроўна Коваль кіруе Гомельскай абласной грамадскай арганізацыяй “Дзіцячая гематалогія”. На мэце чарговай удзельніцы трэнінга — таксама стварэнне гурткоў для іх родных. Апошнія таксама маюць патрэбу ў падтрымцы, каб не замыкацца ў сабе.

— Я патрапіла на гэтую сустрэчу, можна сказаць, выпадкова — праз знаёмства з сябрамі “Сацыяльных праектаў”, — распавядае Ларыса Пятроўна. — Калі даведалася пра трэнінг, адразу ж папрасіла аб удзеле ў ім. Адчуваю, што наша арганізацыя мае патрэбу ў павышэнні ўзроўню. Зацікавілі як метад работы гурткоў, так і форма. Упэўнена, што пасля удзелу ў сустрэчы атрымаю неабходны досвед і змагу пашырыць тэматыку нашай працы.

Каардынаваннем у Гомелі і Гомельскім раёне дзейнасці рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская арганізацыя працоўных жанчын” займаецца Ганна Міхайлаўна Міхалайва. Ёй удзельнічаць у трэнінгу парэкамендавала кіраўніцтва аб’яднання:

— Аб праграме навучальных гурткоў я ведаю даўно, у такіх жа сустрэчах удзельнічалі сябры нашай арганізацыі з іншых рэгіёнаў. Дарэчы, я ўжо вызначыла дванаццаць накірункаў, якімі займуся адразу пасля трэнінгу. Напрыклад, гэта вызначэнне асноў спажывецкіх ведаў, экалагічныя праекты, дапамога людзям ў пошуку працы і крыніц заробку. Таксама будзем імкнуцца “змагацца” з жыллёва-камунальнай сістэмай: дабівацца, каб паслугі адпавядалі прад’яўленым коштам.